К 100-летию органов ЗАГС Республики Беларусь |
Плюс тры шлюбы ў раёне Акцыю, прысвечаную Міжнароднаму дню сям’і, правёў аддзел ЗАГС Івацэвіцкага райвыканкама. Так супала, што акурат на наступны дзень пасля свята сям’і, 16 мая адразу тры пары ў раёне вырашылі ўступіць у шлюб. Урачыстая цырымонія прайшла на тэрыторыі папраўчай калоніі “Папраўчая калонія № 5 г. Івацэвічы”. Так, жаніхі адбываюць зараз пакаранне ў месцах пазбаўлення волі, але гэта не абмяжоўвае іх у праве ўзяць шлюб. – Кожны месяц мы праводзім па тры, пяць ато і па сем рэгістрацый у калоніі, – адзначыла начальнік аддзела ЗАСГа Наталля Аўрусевіч. – У мінулым годзе там было заключана 44 шлюбы, калі ў цэлым у горадзе прайшлі 275 рэгістрацый, а за чатыры месяцы гэтага года запаветнае “так” за кратамі сказалі ўжо 14 пар. У тым асаблівасць нашага раёна, што на нашай тэрыторыі знаходзіцца адразу дзве папраўчыя ўстановы, але грамадзяне краіны нават адбываючы пакаранне маюць права на ўступленне ў шлюб і мы прадастаўляем ім такую магчымасць. У сваёй віншавальнай прамове Наталля Аўрусевіч звярнула ўвагу маладых на тое, што іх важная падзея ў жыцці амаль супала са святкаваннем Міжнароднага дня сям’і ў краіне. Сярод сённяшніх трох пар маладых, няма нашых землякоў, у шлюб уступалі жыхары Гродзенскай і Мінскай абласцей і нават грамадзянін Расійскай Федэрацыі. Для некага гэта быў першы шлюб у жыцці, нехта ўжо меў вопыт сямейнага жыцця. Гэта самыя розныя пары, кожная з асабістай, як правіла, гісторыяй, але з сённяшняга дня яны афіцыйна сталі сем’ямі, якім пасля заканчэння тэрмінаў пакарання жыць і працаваць у нашай краіне. Дык далучымся да слоў, што гучалі ў актавай зале калоніі і пажадаем новым сем’ям кахання і міру! Дарэчы, гэта чарговая акцыя аддзела ЗАГСа, у цэлым па краіне зараз праходзіць чарга акцыі, прысвечаных святкаванню 100-годдзя з дня заснавання органаў ЗАГСа РБ. І жыхароў нашага раёна чакаюць яшчэ сюрпрызы. Аб усім чытайце на старонках “Івацэвіцкага весніка”. Наталля ГЕРБЕДЗЬ. |