Да 100-годдзя заснавання органаў загса Рэспублікі Беларусь |
У сувязі са святкаваннем 100-гадовага юбілею з дня заснавання органаў загса Рэспублікі Беларусь аддзелам загса Маларыцкага райвыканкама сумесна з грамадскімі аб'яднаннямі раёна, газетай «Голас часу» праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню сям'і. 13 мая адбылася ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі шлюбу Веранікі і Аляксандра Зелянко. “Жениться в мае – век маяться” – сцвярджае старадаўняя руская прымаўка. Верыць у такую прыкмету ці не, вырашаюць самі маладыя. 65 майскіх вяселляў згулялі маларытчане за апошнія 5 гадоў. Псіхолагі сцвярджаюць, што сем'і, якія былі створаны ў маі, больш моцныя. Два гады назад пазнаёміліся Вераніка і Аляксандр Зелянко. А сёлета ў маі вырашылі згуляць вяселле. І хоць так атрымалася, што дзень заключэння шлюбу выпаў на 13 чысло, ні на якія прыкметы ўвагі не звярталі. - Будзе сямейнае шчасце ці не, не вырашае месяц года ці “дрэнны” дзень календара. Шчасце залежыць ад дваіх, ад іх пачуццяў, якія трэба захаваць, - мудра разважае Вераніка. Як і многія іншыя, Вераніка і Аляксандр не аднойчы ўжо былі сведкамі вясельнай цырымоніі. Але цяпер кожнае слова гучала менавіта для іх. І гэта было важным і каштоўным. У час рэгістрацыі шлюбу маладых чакаў сюрпрыз. Разам з начальнікам аддзела загса райвыканкама Наталляй Камянчук маладых віншавала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. У падарунак новая беларуская сям'я атрымала кубкі з лічбай 100. - Дажыць вам у пары да ста гадоў, каб дом быў поўнай сямейнай чашай, - жадала прадстаўнік грамадскага аб'яднання маладым. На здымку: маладых віншуе старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын. “Сям’я, у якой шчаслівы я” У фотаконкурсе “Сям’я, у якой шчаслівы я”, які арганізавала раённая газета “Голас часу” разам з аддзелам загса Маларыцкага райвыканкама і раённай арганізацыяй грамадскага аб’яднання “Беларускі фонд міру”, падведзены вынікі яшчэ ў двух намінацыях - “Сям’і шчаслівыя імгненні” і “Тата, мама, я – актыўная сям’я”. У Міжнародны дзень сям’і пераможцы фотаконкурсу атрымлівалі заслужаныя прызы. Сям’я Людмілы і Ігара Саўчукоў, якая перамагла ў намінацыі “Тата, мама, я – актыўная сям’я”, прыйшла ў аддзел загса, дзе праводзілася ўзнагароджанне, у поўным складзе – тата, мама і трое дзетак: васьмігадовы Уладзік, сямігадовая Алёна і пяцігадовы Кірыл. Сёлета гэтая пазітыўная і дружная сям’я адзначыць свой 10-гадовы юбілей. Бацькі і дзеці вельмі любяць актыўны адпачынак. Моманты прагулак на ўлонні прыроды і засняла фотакамера. Прыгожы здымак сям’і не мог не пакарыць журы. Сямейную прагулку адлюстравала і фатаграфія сям’і Марыны і Эдуарда Ганчарукоў. У гэтай сям’і таксама выхоўваецца трое дзетак – дачка Яна і сыны Ілья і Мікалай. Сабрацца ўсім разам, як на фотаздымку, які даслала сям’я на фотаконкурс, атрымліваецца, прызнаецца Марына, далёка не заўжды. Вось і на ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў конкурсу прыйсці змаглі толькі мама і васьмігадовы Мікалай. Як адзначалі ў размове сем’і, якіх і начальнік аддзела загса Наталля Камянчук, і старшыня раённай арганізацыі “Беларускі фонд міру” Людміла Бурштын віншавалі разам і са святам, і з перамогай у фотаконкурсе, што прыемнай з’яўляецца не толькі сама перамога, а тое, што атрымалася магчымасць паўдзельнічаць у падобным конкурсе, падзяліцца сваімі шчаслівымі ігненнямі і пазнаёміцца з іншымі сем’ямі. На здымку: у час ушанавання пераможцаў фотаконкурсу. У Міжнародны дзень сям’і праведзены вечар-сустрэча “Мая сям’я” ў рамках дзейнасці Клуба маладой сям’і. Начальнік аддзела загса райвыканкама Наталля Камянчук выступіла перад маладымі сем’ямі з інфармацыяй на тэму “Дзень сям’і. Гісторыя свята”. Паміж удзельнікамі вечара-сустрэчы адбыўся адкрыты дыялог “Сям’я – аснова грамадства”. У ходзе мерапрыемства прайшлі прэзентацыя сямей “Сямейныя традыцыі” і гульнявая забаўляльная праграма сярод дзяцей. На здымку: удзельнікі вечара-сустрэчы “Мая сям’я”. Да Міжнароднага дня сям’і у аддзеле загса райвыканкама было таксама запланавана ўшанаванне бацькоў пры зарэгістрацыі нараджэння дзяцей. Для маларытчан Валерыя і Таццяны Шульга, якія прыйшлі зарэгістраваць нараджэнне сына Кірыла, які, між іншым, у іх сям’і ўжо другое дзіця, тая ўрачыстасць, што іх чакала, стала прыемным сюрпрызам. Начальнік аддзела загса Наталля Камянчук шчыра павіншавала тату і маму са шчаслівай для іх падзеяй – папаўненнем сям’і, напомніла, што рэгістрацыя дзіцяці адбываецца ў юбілейны для органаў загса год і ўручыла падарункі і ад аддзела загса, і ад грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі фонд міру”, а таксама кодэкс Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і. Пакуль бацькі атрымлівалі першы і самы важны дакумент – пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці, маленькі Кірыл ціхенька пасопваў на руках таты. Вырасціць сына дастойным грамадзянінам – такім быў наказ бацькам. А маленькаму маларытчаніну ўсе жадалі здароўя і шчасця. На здымку: сям’я Валерыя і Таццяны Шульга з нованароджаным сыночкам Кірылам. |