Дзе нарадзілася, там і згадзілася |
У ліпені у рамках акцыі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама “Памятаем і ганарымся Вамі!” адзелам загс Жабінкаўскага райвыканкама адбылося віншаванне былога сакратара Якаўчыцкага сельвыканкама Надзеі Васільеўны Якімовіч, якая святкавала свой 81-ы дзень нараджэння. З гэтай нагоды да яе завіталі начальнік аддзела загс Галіна Аксюцік і старшыня Жабінкаўскага сельвыканкама Галіна Акуліч. Пры гэтым быў уручаны віншавальны адрас ад галоўнага упраўлення юстыцыі. Надзея Васільеўна – прыродная якаўчурка, як некалі звалі жыхароў Вялікіх Якаўчыцаў. Як толькі ёй споўнілася васямнаццаць, адразу ўладкавалася рахункаводам у Маціевіцкую школу, а 29 жніўня 1962-га была прызначана сакратаром сельсавета. На працу прымалася Камянецкім раённым выканаўчым камітэтам, паколькі нашага раёна тады не існавала ( паміж 1959 і 1966 гадамі жабінкаўскія землі былі падзелены паміж суседнімі Брэсцкім, Камянецкім і Кобрынскім раёнамі). Першаму дзіцяці, які з рук Надзеі Васільеўны атрымаў самы важны ў жыцці свой першы дакумент – пасведчанне аб нараджэнні, сёлета споўнілася 55 гадоў! Нярэдка даводзілася рэгістраваць і блізнятаў. Першыя, запісаныя рукой Надзеі Якімовіч, – Міхаіл і Валянціна Хамічукі, якія на сённяшні дзень на дваіх маюць ужо сямёра ўнукаў! А першая маладая пара, якую распісала сакратар сельсавета, пражыла доўгае і шчаслівае жыццё разам. – Адміністрацыйны будынак сельсавета на той момант знаходзіўся ў Вежках, – згадвае Надзея Васільеўна. – На працу даводзілася дабірацца на ровары, а то й пехатою. Шлюбаў было шмат, каля двух дзясяткаў за год, але рэгістрацыі праходзілі скромненька, без шматлікіх гасцей ды сведкаў. Часам прыязджалі на веласіпедах, распісваліся і вярталіся дамоў. Затое шлюбы былі моцныя, у 60-я гады мінулага стагоддзя разводаў практычна не было. Аднойчы, зміою, зачакалася маладажонаў, а яны ўсё не йшлі. Вось і працоўны час скончыўся, рушыла дадому. Якое ж было здзіўленне, калі ў поўнач пад маімі вокнамі засігналіла машына! Аказваецца, жаніх ехаў да сваёй нявесты, якая жыла ў Якаўчыцах, ажно са Століна. Ды зіма надарылася снежная, машына і загрузла… І вось у пачатку першай гадзіны, калі ўся вёска даўно спала, у сельсавеце запалілася святло і нарадзілася новая сям’я! Дзяцей таксама, як прыгадвае наша гераіня, прыходзіла ў свет тады шмат – каля паўсотні хлопчыкаў і дзяўчынак штогод рэгістрыраваліся толькі ў Якаўчыцкім сельсавеце. Пасля ўходу на заслужаны адпачынак Надзея Васільеўна не сідзела склаўшы рукі і яшчэ дзесяць гадоў адпрацавала ў калгасе на сезонных работах, дапамагаючы на жніве. У яе хаце заўжды прыбрана і ўтульна, а на агародзе – усё што для здаровай стравы патрэбна. Паміж суседзямі Надзея Якімовіч карыстаецца павагаю, аднавяскоўцы гавораць пра яе, як пра добрага, таварыскага чалавека. Шчыра жадаем Надзеі Васільеўне шмат душэўных і фізічных сіл, доўгіх гадоў жыцця, здароўя, клопату і любові з боку блізкіх ёй людзей. |